Нравится ли Вам новый дизайн нашего сайта?

Легенды і паданні краю Нарачанскага

Край Нарачанскі… Святая беларуская зямля, мілая і дарагая сэрцу мясціна. Край паэтаў і ваяроў, рамантыкаў і шчырых духам людзей. Яго любяць пяшчотна і раўніва тыя, хто тут нарадзіўся; яго кахаюць узнёсла і аддана тыя, хто хоць раз наведаў гэты цудоўны куток. Хіба ж можна забыцца на высокія і стромкія ўзгоркі, што пакінуў тут у глыбокай мінуўшчыне ледавік; на багатыя і разнастайныя лясы, што кружаць галаву сваім смалістым водарам; на празрыстае і чыстае паветра, што можна піць як цудадзейныя лекі; на добрых і шчырых людзей, якія сваёй прыязнасцю і гасціннасцю раскрываюць усю прыгажосць беларускай душы…

Але Нарачанскі край — гэта найперш азёры. Менавіта яны надаюць гэтай зямлі непаўторную адметнасць, якая вабіць да сябе блізкіх і далёкіх падарожнікаў.

Азёр у Нарачанскім краі шмат, каля паўсотні, і кожнае з іх не толькі цікавы прыродны аб'ект з уласцівай толькі яму геаграфіяй і гісторыяй, але і скарб духоўны, у якім, як у чароўным куфэрку, назапашаны легенды і паданні, прыказкі і прымаўкі, цікавыя назвы і мясцовыя здарэнні. Каб азёры маглі гаварыць, то мы пачулі б шмат цікавых апавяданняў пра вадзянікоў і русалак, рыбакоў і аматараў вандровак, птушак і звяроў.

Так, самае вялікае возера Беларусі — Нарач, якое многія называюць то "блакітным сэрцам" краіны, то "беларускім морам", а мясцовыя жыхары ласкава — Нарочча. Возера, напэўна, расказала б нам пра свой адзіны востраў Выспу, легенду пра трагічнае каханне дзяўчыны Нары-Найрыты і простага хлопца Андрэя...

Суседняе возера Мястра, напэўна, згадала б гістарычную драму свайго замка, успомніла б адметныя асаблівасці горада Мядзел ды лёс старога татарскага мізару, а таксама белы цагляны слуп ля возера, у якім была замуравана Белая Панна.

Сваім замкам пахвалілася б і возера Мядзел: на востраве Замак да нашага часу захавалася высокая гара, на якой раней стаялі магутныя ўмацаванні.

Шмат цікавага мы маглі б пачуць і пра возера Баторына, і пра Балдук, і пра Рудакова і пра дзесяткі іншых азёр.

На жаль, азёры не размаўляюць. Але кожнае возера мае сваю непаўторную энергетыку, сваю аўру. Яна — ў мелодыях хваляў, у шэпце чаротаў і трыснягоў, у плёскаце рыбы, галасах жывёл, птушак, дрэў. Варта толькі паехаць да возера — чуламу сэрцу заўсёды адкрыюцца таямніцы дзівосных беларускіх скарбаў…


Легенды Нарачанскага краю

Легенды Блакітных азер

Новости

/ Архив новостей